Азёры. В.П.Якушка

На тэрыторыі Беларусі больш за 10 тыс. азёр. Агульная іх плошча каля 2 тыс. км2, агульны аб′ём вады ў іх каля 6 км3. Азёр плошчай 0,1 км2 і больш налічваецца 1072, плошчай больш за 10 км2— 20. Самае вялікае па плошчы воз. Нарач (79,6 км2), самае глыбокае — Доўгае возера (глыбіня 53,7 м). Да найбольшых належаць азёры Асвейскае (52,8 км2), Чырвонае (40,8 км2), Лукомскае (37,7 км2), Дрывяты (36,1 км2) і інш. Найбольш азёр на Пн краіны — у Беларускім Паазер′і і на Пд — у Беларускім Палессі. У асобных раёнах (Браслаўскі, Ушацкі) пад азёрамі да 10% тэрыторыі; у бас. р. Зах. Дзвіна і Нёман больш за 3,8 тыс. азёр. На Пд Беларусі шмат дробных азёр, у бас. рэк Дняпро і Прыпяць (разам са старыцамі) іх прыкладна 6,5 тыс. Звесткі пра плошчы і глыбіні найбольшых азёр гл. ў табліцах.

Озера Республики Беларусь

Многія азёры ўтвараюць групы або ланцужкі, звязаныя з невялікімі рэкамі і пратокамі, у іх ліку Ушацкая група, якая ўключае каля 40 азёр і аб′ядноўваецца р. Дзіва (бас. р. Зах. Дзвіна), і сістэма Браслаўскіх азёр (больш за 50), якую звязвае р. Друйка.

Катлавіны азёр найчасцей ледавіковага (пераважна на Пн), рачнога, карставага паходжання. Азёры паўн. часткі краіны звычайна размешчаны ў межах марэнных узвышшаў і раўнін на вышыні да 160— 180 м над узроўнем мора. У большасці яны маюць добра выражаныя берагі, стромкія, высокія схілы. Тыпы ледавіковых катлавін: падпрудныя, што ўтварыліся ад расталых ледавіковых вод у паніжэннях паміж марэннымі градамі, іх форма круглаватая або лопасцевая, схілы асіметрычныя (Нарач, Асвейскае, Мядзел, Дрывяты, Лукомскае і інш.); лагчынныя, што ўтварыліся ад ледавіковага выворвання вузкіх глыбокіх лагчын (глыбіня да 80—100 м) і эварзійнай дзейнасці талых вод (Доўгае, Саро, Сянно, Балдукі інш.); эварзійныя, што ўзніклі ад разбуральнай дзейнасці вады, якая вадаспадам сцякала з ледавіка і выбівала невялікія, але глыбокія (25— 30 м) чашы са стромкімі схіламі і акруглым малюнкам берагавой лініі (Рудакова, Вісяты, Варанец, Жэнна, Светлае і інш.); тэрмакарставыя, што ўзніклі на месцы раставання лінзаў лёду ў марэнных адкладах у час адступання ледавіка, малыя і неглыбокія, часам акруглыя прасадачнага паходжання (Лісіцкае, Усомля, Канашы). Найбольш разнастайныя абрысы берагавой лініі ў складаных катлавінах азёр, утвораных у выніку ўзаемадзеяння некалькіх фактараў; у іх плане спалучэнне буйных мысаў і ўпадзін, высокіх паўастравоў і розных па форме заліваў (Крывое, Атолава, Лепельскае). Па ўсёй краіне, асабліва ў бас. рэк Дняпро і Прыпяць, шмат рачных азёр-старыц. Іх карставыя (Вулькаўскае, Свіцязь, Сомінскае, Лукаўскае і інш.) і суфазійныя катлавіны звязаны з вышчалочваннем вапнякоў, мелу, вымываннем гліністых часцінак і прасадкай грунту. Самыя буйныя азёры Беларускага Палесся мелкаводныя. Гэта азёры-разлівы, якія ляжаць у плоскіх забалочаных паніжэннях і акружаныя тарфянымі балотамі (Чырвонае, Арэхаўскае, Олтушскае, Выганашчанскае і інш.). У водным жыўленні азёр Беларусі пераважаюць паверхневы сцёк і атмасферныя ападкі, роля падземных вод малазначная. Узровень вады ў азёрах на працягу года амаль пастаянны, звычайна вагаецца ад 1 да 1,5 м; вясной узровень вады павышаецца, зімой і летам паніжаецца.

Тэмпературны рэжым а з ё р абумоўлены ўплывам клімату зоны ўмеранага пояса (мяшаных лясоў зона). Вялікую ролю ў жыццядзейнасці жывёльных і раслінных арганізмаў адыгрывае вертыкальны рух вады — перамешванне. Летам мелкаводныя азёры пад уплывам ветру перамешваюцца да дна, тэмпература вады 18—20 °С (гоматэрмія). У глыбокіх азёрах узнікае прамая тэмпературная стратыфікацыя: верхні слой вады (эпілімніён) добра награваецца і перамешваецца, у сярэднім (металімніёне — слой тэмпературнага скачка) тэмпература паніжаецца на 3—5 °С на 1 м, у ніжнім слоі (гіпалімніёне) на працягу лета вада амаль нерухомая, тэмпература каля 5—7 °С, нават пры значнай празрыстасці вады (5—8 м) тут пастаянна цёмна. Увосень у выніку выхалоджвання і вертыкальнага канвекцыйнага перамешвання ўзнікае асенняя гоматэрмія. Зімой азёры 4—5 месяцаў укрыты лёдам таўшчынёй 50— 70 см, каля дна тэмпература 3,5— 4 °С, утвараецца адваротная стратыфікацыя. Вясной вада інтэнсіўна праграваецца і перамешваецца ў ходзе веснавой цыркуляцыі і гоматэрміі.

Газавы рэжым азёр вызначаецца колькасцю ў вадзе кіслароду, вуглякіслага газу, азоту і інш. Кіслародны рэжым звязаны з гадавым цыклам, залежыць ад тэмпературы і перамешвання вады. Летам кіслародам багаты верхні слой вады (кіслародная насычанасць больш за 100%), ніжні слой збеднены. Іншы раз у канцы лета кісларод каля дна знікае зусім, разам з павелічэннем колькасці вуглякіслага газу нярэдка паяўляецца серавадарод, і ўзнікае мёртвы слой вады. Зімой у некаторых азёрах кіслароду не хапае ва ўсёй воднай масе. У мелкаводных азёрах да канца зімы кісларод часам расходуецца цалкам, жывёлы задыхаюцца, настаюць заморы рыбы. Найбольш у вадзе азёр азоту (64%), які паступае з паветра. Ён захоўваецца амаль поўнасцю ў свабодным стане і толькі часткова спажываецца некаторымі бактэрыямі і мікраскапічнымі водарасцямі.

Гідрахімічныя асаблівасці азёр. Паводле хімічнага саставу азёры Беларусі належаць да прэсных, гідракарбанатна-калыдыевага тыпу. Агульная іх мінералізацыя 200—З00мг/л. Асноўныя складаючыя мінералізацыі — гідракарбанатны.Хларыды (СІ) і сульфаты (SО42) трапляюцца ў невялікай колькасці і павялічваюцца ў выніку гаспадарчай дзейнасці (унясенне на палі мінеральных угнаенняў, скід неачышчаных сцёкавых вод). Асноўных біягенных рэчываў (злучэнняў азоту, фосфару) у чыстай вадзе вельмі мала. Жалеза ў прыдонных слаях вады да 2—3 мг/л. Асноўны гідрахімічны паказчык— актыўная рэакцыя вады (рН) — у азёрах мяняецца ад слабакіслай (6—6,5) ва ўмовах балотнага жыўлення зімой да шчолачнай (8—8,5); у большасці выпадкаў рН роўная 7,5—8. Знешнімі прыкметамі стану возера, колькасці ў ім арганічных рэчываў і каламуці з′яўляюцца празрыстасць вады і колернасць. Найбольш празрыстыя глыбокія азёры: празрыстасць больш за 4—5 м (у Нарачы да 10 м); колернасць звычайна ніжэй 10—15°; найменш празрыстыя(<1 м) мелкаводныя і забруджаныя азёры з колернасцю вады 50—70°.

Раслінныя і жывёльныя арганізмы азёр. Азёрная расліннасць — мікрафіты і макрафіты. Да мікрафітаў належыць фітапланктон (больш за 500 відаў), прадстаўлены дыятомавымі водарасцямі (у глыбокіх халодных азёрах) і сінезялёнымі водарасцямі (у мелкаводных вадаёмах). Макрафіты ўтвараюць палосы расліннасці, найчасцей уздоўж берага. Жывёльны свет азёр прадстаўлены зоапланктонам і іхтыяфаунай. Прадстаўнікі зоапланктону займаюць сярод жывёльных арганізмаў самую нізкую ступень. Найбольш пашыраны галінаставусыя, весланогія рачкі (характэрныя для халодных азёр). Сярод насельнікаў дна (бентас) — малюскі, алігахеты, хіранаміды, ракападобныя. У азёрах Беларусі больш за 20 відаў прамысловых рыб, найбольш каштоўныя з іх: лешч, сазан, шчупак, судак. Прамысловае значэнне маюць таксама віды, што ўзнаўляюцца або папаўняюцца штучна (напр., еўрапейскі вугор). У неглыбокіх азёрах акліматызаваны амурскі сазан і чудскі сіг, белы амур, таўсталобік. Паводле саставу іхтыяфауны азёры падзяляюць на рапушкава-сіговыя (найбольш глыбокія, празрыстыя і халодныя азёры), ляшчова-судаковыя і ляшчова-шчупаковыя (неглыбокія, высакакормныя азёры), сазанавыя (неглыбокія і мелкаводныя, высакакормныя), карасёва-лінёвыя (мелкаводныя, зарослыя, з недахопам кіслароду).

Азёрныя адклады. Тэрыгенныя адклады ўтвараюцца ў працэсе разбурэння берагоў. У выніку ў прыбярэжнай зоне намнажаюцца пяскі, гліны, валуны, галька. Хемагенныя — гэта прыбярэжныя адклады вапнякоў (азёрнага мергелю). Пашыраны і разнастайныя арганамінеральныя адклады (ілы, сапрапелі), якія ўзніклі ў выніку назапашвання адмерлых арганізмаў (пераважна раслінных) і дробных ілістых мінеральных часцінак. У іх састаў уваходзяць таксама злучэнні крэмнію, алюмінію, жалеза, кальцыю, магнію, серы, натрыю, шматлікія мікраэлементы (марганец, тытан, ёд). Адклады, у якіх арганічнага рэчыва больш за 50%, адносяць да арганічных тонка- або грубадэтрытавых сапрапеляў (у мелкаводных зарослых азёрах); у якіх 30— 50% арганічнага рэчыва — да крэменязёмістых, карбанатных (вапняковістых), мяшаных сапрапеляў. Гліністыя або апясчаненыя ілы бедныя арганічным рэчывам. Для азёр Беларусі характэрны крэменязёмістыя адклады. На ПнЗ пашыраны азёры з карбанатнымі адкладамі на глыбіні 1—7 м. Магутнасць сапрапеляў у азёрах каля 4 м, найбольшая — да 15—20 м; агульныя запасы— 1387 млн. м3. Самы ніжні пласт адкладаў у азёрах мае ўзрост каля 12— 12,5тыс. гадоўі прадстаўлены грубымі тэрыгеннымі адкладамі. Найбольш старажытныя разрэзы выяўлены ў азёрах Нарач, Глубелька, Вераб′і і інш. Узрост большасці азёр Паўн. Беларусі і Палесся складае 10—12тыс. гадоў.

Паводле агульназанальных і аза-нальных фактараў (морфаметрычныя асаблівасці і ўзровень трофнасці), вылучаюць 4 асноўныя генетычныя тыпы азёр. Мезатрофныя з адзнакамі алігатрафіі — гэта глыбокія, невялікія азёры, яны празрыстыя, з выразнай стратыфікацыяй тэмпературы вады, магутным гіпалімніёнам; багатыя кіслародам, маюць нейтральную рэакцыю (рН) і сярэднія паказчыкі мінералізацыі. Адклады, мінеральныя і арганамінеральныя, маламагутныя. Іхтыяфауна сігова-снятковая. Да азёр такога тыпу належаць Балдук, Гінькава, Доўгае, Рудакова, Волас, Крывое і інш. За унікальныя прыродныя якасці некаторыя з такіх азёр ахоўваюць як заказнікі. Мезатрофныя, сярэднеглыбокія — гэта азёры са значнай плошчай, яны празрыстыя, багатыя кіслародам. Іхзначная плошча спрыяе інтэнсіўнаму ветравому перамешванню вады, слаба развіты гіпалімніён. Рэакцыя вады і мінералізацыя раўнамерныя на працягу года. Адклады арганамінеральныя і мінеральныя. Іхтыяфауна рапушкава-сіговая. Азёры такога тыпу— Нарач, Мядзел, Снуды, Рычы і інш. На Беларусі мезатрофныя азёры набываюць усё большае значэнне як месцы турызму і адпачынку. Эўтрофныя неглыбокія (слабаэўтрофныя) і мелкаводныя (моцнаэўтрофныя), з рознай плошчай — гэта азёры з багатым арганічным жыццём, са значнымі ваганнямі гідрахімічных паказчыкаў на працягу года. Іх водная маса летам інтэнсіўна перамешваецца пад уздзеяннем ветру, высокая насычанасць вады кіслародам, гіпалімніён амаль не выражаны. Зімой кіслароду дастаткова для рыбы. Пры малых глыбінях — кіслародны дэфіцыт, арганамінеральныя і арганічныя адклады магутныя. Іхтыяфауна ляшчова-судакова-шчупаковая. Да азёр такога тыпу належаць Дрывяты, Лукомскае, Мястра, Выганашчанскае, Арэхаўскае і інш. У дыстрафіруючых мелкаводных азёрах з рознай плошчай інтэнсіўнае ветравое перамешванне вады выклікае гоматэрмію, адсутнасць гіпалімніёну. Пры багатым грунтавым жыўленні яны моцна зарастаюць. Іх мінералізацыя і газавы рэжым вагаюцца. Амаль кожную зіму з-за недахопу кіслароду ўзнікаюць заморы рыбы. Арганічныя адклады магутныя. 3 прычыны недастатковага грунтавога жыўлення ў азёрах слаба развітыя макрафіты, пастаянна нізкая мінералізацыя і кіслая рН. Іхтыяфауна карасёва-лінёвая, збедненая. Тыповыя азёры Жэрынскае, Ельня, Дабееўскае, Судабле, Чырвонае, Межужол.

На большасць азёр Беларусі ўплывае працэс антрапагеннага эўтрафіравання як вынік пашырэння прамысловай вытворчасці, інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі і інш. тэхнагенных пераўтварэнняў. У краіне ствараюцца асабліва ахоўныя тэрыторыі, якія ўключаюць унікальныя азёры. Толькі ў межах Беларускага Паазер′я створаны 24 ахоўныя тэрыторыі агульнай плошчай 4222 км2, якія ўключаюць больш за 200 азёр. У іх ліку 2 нацы-янальныя паркі (Нарачанскі і Браслаўскія азёры), Бярэзінскі біясферны запаведнік, 6 ландшафтных, 9 гідралагічных, 3 біялагічныя заказнікі і 3 гідралагічныя помнікі прыроды.

Азёры выкарыстоўваюцца як крыніцы і збіральнікі бытавой і прамысловай вады, для рыбалоўства і рыбагадоўлі, арашэння зямель, рэгулявання сцёку, добраўпарадкавання населеных пунктаў і стварэння воднарэкрэацыйных сістэм, турызму, комплекснага іх выкарыстання галінамі народнай гаспадаркі.

Прамысловая лоўля рыбы вядзецца больш чым у 600 азёрах. Азёрныя сапрапелі выкарыстоўваюць як угнаенне і на падкормку жывёле, у медыцыне, ветэрынарыі, будаўнічай і хімічнай прамысловасці. Азёрнымі мергелямі вапнуюць кіслыя глебы. Зоны азёр і вадасховішчаў — месцы турызму і адпачынку насельніцтва.

В.П.Якушка.